СКО́РАСЦЬ ГУ́КУ,
скорасць распаўсюджвання гуку ў матэрыяльным асяроддзі. Вызначаецца пругкасцю і шчыльнасцю асяроддзя. Скорасць гарманічнай гукавой хвалі (гл. Гарманічныя ваганні) наз. фазавай скорасцю гуку. Звычайна С.г. — велічыня пастаянная для дадзенага рэчыва пры дадзеных знешніх умовах і не залежыць ад частаты хвалі і яе амплітуды. У выпадку залежнасці фазавай скорасці ад частаты гуку мае месца дысперсія хваль і тады карыстаюцца паняццем групавой скорасці.
С.г. ў газах меншая, чым у вадкасцях, у вадкасцях меншая, чым у цвёрдых целах (прычым для зрухавых хваль яна меншая, чым для падоўжных). С.г. ў газах і пары 150—1000 м/с, у вадкасцях 750—2000 м/с, у цвёрдых целах 2000—6000 м/с, у паветры пры нармальных умовах 330 м/с, у вадзе прыкладна 1500 м/с. У монакрышт. цвёрдых целах С.г. залежыць ад напрамку распаўсюджвання хвалі адносна крышталеграфічных восей. Вымярэнне С.г. выкарыстоўваецца для вызначэння многіх характарыстык рэчыва, напр., сціскальнасці газаў і вадкасцей, модуляў пругкасці цвёрдых цел, зоннай структуры паўправаднікоў і інш.
Л.М.Шахлевіч.
т. 14, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)